Аматары прыборнага пошуку вымушаны былі сутыкнуцца з новай рэальнасцю, пасля таго, як у сакавіку гэтага года быў прыняты Указ Прэзідэнта №485 "Аб удасканаленні аховы археалагічных аб’ектаў і артэфактаў". Цяпер за несанкцыянаваныя росшукі можна патрапіць пад сур’ёзную адказнасць. Таксама ўсе прыватныя калекцыі давядзецца зарэгістраваць да канца гэтага каляндарнага году.

Не ўсім на руку новы расклад на археалагічна-калекцыйнай карце. Хтосьці спрабуе пераканаць, што частка спадчыны будзе страчана, застаючыся проста ў зямлі. Іншыя сцвярджаюць, што такім чынам многія прыватныя калекцыі сыдуць у "цень"... Аднак неабходнасць ахоўваць археалагічныя артэфакты, якія бескантрольна траплялі ў рукі любых ахвотных, відавочная.

Што трэба прыняць як факт, а на якія працэсы яшчэ можна паўплываць, высвятлялі за "круглым сталом", які адбыўся ў Выдавецкім доме "Звязда". На ім прысутнічалі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Наталля КУЧЫНСКАЯ,  начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Ігар ЧАРНЯЎСКІ, намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім ЛАКІЗА, загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім КОШМАН, метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей ЖЫЛІК, загадчык вучэбнай лабараторыі музейнай справы гістарычнага факультэта БДУ Віталь СІДАРОВІЧ і аматар прыборнага пошуку, калекцыянер-нумізмат з 20-гадовым стажам Руслан ВЕРАМЕЙ.