Печать

старажытныя грошы древние деньги славян

Праз некалькі дзён Беларусь пачынае працэс дэнамінацыі. Гэта ўжо трэцяя дэнамінацыя ў незалежнай Беларусі. Упершыню за 25 гадоў у зварот вяртаюцца манеты. Наколькі адпавядае нацыянальнай гісторыі найменне беларускай валюты – рублі з капейкамі? Ці слушная ступень уразання чатырох лішніх нулёў? Магчыма, можна было б дэнамінаваць валюты яшчэ больш?

Прыгледзімся да назвы беларускіх грошаў напрацягу гісторыі і ў сучаснасці. А таксама зірнем на нашых суседзяў, далёкіх і блізкіх, як яны называлі свае фінансы, як з набыццём незалежнасці будавалі свае нацыянальную манетарную сістэму.

Не хочаш чытаць нудную гісторыю? Клікай сюды і адразу чытай пра тое, як правільна назваць беларускую валюту

Яны стаялі перад важным выбарам назвы ўласнай валюты, бо разумелі, што гэта будзе адзін з сімвалаў краіны, як сцяг, як герб. Часцей чэрпалі гэтыя найменні з гісторыі, а часам выдумлялі, каб быць непаўторнымі і нават больш незалежнымі ад запазычання чужынскіх грошаў.

Беларускі ўрад у 1992 годзе доўга не разважаючы наўпрост пераняў старую імперскую/савецкую рублёвую сістэму. Пры гэтым прадстаўнікі нацынальнай эліты прапаноўвалі “талер”, які бярэ свае пачаткі з эпохі рэнэсансу. Інтэлектуальны двубой рубель/талер усплыў чарговы раз акурат з абвяшчэннем дэнамінацыі. Паспрабуем разабрацца, хто мае тут больш гістарычнай праўды, і ці поўны выбар паміж рублём і талерам.

Трэба зазначыць, што сучасныя грошы з’яўляюцца эквівалентам нацыянальнага багацця, фактычна забяспечваюцца здабыткам краіны-эмітэнта той ці іншай валюты. Па-праўдзе, часцей усё гэта вельмі умоўна, і папяровыя грошы ў любы момант могуць стацца эквівалентам паперы, на якой яны надрукаваныя, і вартасці металу, з якога выбітыя манеты.

Яшчэ 50 гадоў таму некаторыя краіны шырока ўжывалі срэбра для біцця манет. У 1960-х гадах скончылася эпоха біметалізма, калі эквівалентам грошаў з’яўляліся каштоўныя металы – золата і срэбра. Гэтыя шляхетныя металы і па сённяшні дзень з’яўляюцца цудоўным інвестыцыйным сродкам. А пачалося гэта напэўна з тых самых часоў, калі ўпершыню былі знойдзеныя самародкі золата і срэбра.

Пазней у больш развітых грамадствах для рэгуляцыі плацёжнай сістэмы дзяржава пацвярджала сваім кляймом кавалкі шляхетных металаў адмысловай вагі (нечым падобным і зараз займаюцца прабірныя цэнтры, калі пацвярджаюць пробай вырабы са срэбра і золата). Так з’явіліся манеты.

Старажытныя грошы Беларусі: рублі, грыўні, ізроі

Першае цэнтралізаванае дзяржаўнае ўтварэнне на нашых землях – Русь – мела даволі слабую манетарную сістэму, карыстаючыся для дробнага разліку па-за натуральным абменам у асноўным манетамі суседзяў. Дзеля адсутнасці радовішчаў і самыя каляровыя металы імпартаваліся ад суседзяў, часта ў выглядзе ўпрыгожванняў, якія разам з манетамі часта пераплаўляліся ў зліткі адмысловай вагі. Зліткі гэтыя былі выцягнутай формы і нагадвалі сабой жаночыя ўпрыгожванні – шыйныя “грыўні”. Грыўні мелі ў сячэнні форму трохкутніка ці выцягнутай паўсферы – грыву. Дзякуючы такой форме на грыве можна было лёгка зрабіць зарубкі для пацвярджэння ўтрымання срэбра не толькі звонку але і ўнутры злітка. Такія грыўні з насечкамі-зарубкамі назвалі “рублямі”, на некаторых землях (Віцебшчына) – “ізроямі” – бо былі “ізрытыя адмецінамі”. У розныя часы і на розных тэрыторыях усе гэтыя срэбраныя зліткі мелі розную вагу ад 100 да 250 грамаў.

старажытныя грошы древние деньги славян  

Грыўні

Найменне “грыўня” для плацёжнага злітка была распаўсюджанае на тэрыторыі, дзе культурныя уплывы мелі дзяржаўнасці заходніх і ўсходніх славян: Польшча, Чэхія, Паўднёвая Русь (Украіна); “рубель” – для ўсходняй Русі (Расія) і для Літвы (сучасная Беларусь). Для германскіх народаў адпаведнікам была “марка” – пазней нацыянальная валюта для немцаў, фінаў; “фунт” – для Вялікабрытаніі, а таксама для сатэлітаў і былых калоній. Для Італіі і Турцыі – “ліра”, для данапалеонаўскай Францыі – “ліўр”. Для Гішпаніі і яе былых амерыканскіх калоніяў – “песа” (“песета”). “Сум” (“Сом”) для цюркскіх народаў. Усе гэтыя найменні азначалі злітак срэбра вагой каля 200 ці 400 грамаў.

А яшчэ была капа

Зліткі срэбра (рублі) у ВКЛ паступова з сярэдзіны XV ст. пачалі знікаць з грашовага звароту, саступаючы манетам, “грошам”, якія масава паступалі з Чэхіі. Першапачаткова з пражскай грыўні срэбра выбівалі 60 грошаў, якія усёй кучай называліся “капой” (на першым фота наверсе). Наогул у многіх славянскіх мовах яшчэ надоўга замацавалася адзінка ліку “капá”, якая абазначала 60 чаго-кольвек. Напрыклад, у падгарадзенскіх вёсках яшчэ нядаўна сімвалічным падарункам на Каляды была капа гарэхаў (60 штук у мяшэчку).

Цягам XV ст. срэбранае ўтрыманне пражскага гроша спадала, пры гэтым традыцыйнае ўтрыманне срэбра ў рублі заставалася нязменным. З гэтай прычыны ў XVI ст. паралельна ужываліся “рубль грошаў” (каля 100 з літоўскай грыўні-рубля) і “капа грошаў” (60).

Быў талер, стаў долар

У канцы XV ст. у Еўропе навучыліся выбіваць вялікапамерныя манеты вагою каля 30 грам. У мястэчку Яхімсталь у 1518 годзе пачалі масавую прадукцыю манет са срэбра, здабытага з адкрытага радовішча у Рудных гарах Багеміі. Першапачатковыя яхімсталеры паступова назвалі проста “талерамі”. Гэтыя манеты мелі шырокі распаўсюд і попыт на тэрыторыі усёй Еўропы і ажно да сярэдзіны ХІХ ст. фактычна не мянялі сваёй вагі і назвы. Таксама ад талера паходзяць найменні сучасных валют: толар Славеніі (1991-2007), долары ЗША, Канады, Аўстраліі, Новай Зеландыі. Апроч таго, талер з выявай Льва (лёвэндальдэр), які выбіваўся з канца XVI да канца XVII ст., даў назву валютам Балгарыі (“леў”), Румыніі і Малдовы (“лей”).

Яхімсталер 

Яхімсталер

 

левки

Лёвэндальдэр

Многія ж еўрапейскія валюты выводзяць назвы сваіх грашовых адзінак ад сярэднявечных залатых манет. Некаторыя непасрэдна ад золата, напрыклад, польскі “злоты”, і калісьці нідэрландскі “гульдэн”. Апошні, дарэчы, выводзіцца ад правобраза фларэнтыйскага “фларына” XIII ст., які ў сваю чаргу даў назву вугорскаму “форынту”. Шчыт (ад лац. scutum) з гербам на залатых манетах даў назву сярэднявечным французкаму “экю” і партугальскаму “эскуда”; а карона наверсе гэтага геральдычнага шчыта дала назву яшчэ адной шырока распаўсюджанай у Еўропе грашовай адзінцы “кроне” – сучасная валюта Ісландыі, Нарвегіі, Швецыі, Даніі, Чэхіі, нядаўна Славаччыны, Эстоніі.

старажытныя грошы древние деньги славян  

Фларын сяр. ХІІІ ст.

 

старажытныя грошы древние деньги славян  

Экю XVI ст.

Залатая манета Францыі XIV ст., якая так і называлася – “франк”, дала назву валютам Францыі, Бельгіі, Люксембурга (да пераходу на еўра) і Швейцарыі.

Традыцыі, даўнейшыя за сярэднявечныя

Аднак некаторыя еўрапейскія і постсавецкія краіны ў пошуках нацыянальнай валюты вырашылі выбрацца за межы сярэднявечных манетарных традыцый. Так Харватыя сягнула да безманетнага перыяда, калі панаваў натуральны абмен, і назвала сваю грашовую адзінку “куна” паводле шкуркі пушнога звярка. Некалькі краінаў узгадала антычныя часы. Грэцкая “драхма” і армянскі “драм” (як дарэчы, і дробныя манеты некаторых арабскіх краінаў – “дырхемы”) ад старажытнагрэцкай драхмы. Старажытнарымскія дэнарыі далі назву нацыянальным валютам большасці арабскіх дзяржаваў, дзе іх называюць “дзінарамі”. У сваю чаргу, панаванне Асманскай імпэрыі на Балканах пакінула традыцыю так называць грошы у краінах былой Югаславіі: Сербія, Македонія.

Азербайджан і Туркменістан назвалі свае грошы паводле элементарнай падставы грашовых адносін, папросту “манаты” – манеты. А грузінскі “лары” азначала ў даўнія часы “дабро”, “запас”, “пажытак”.

Яшчэ шэраг краін пастанавілі проста выдумаць назвы сваіх грошаў і назваць іх напрыклад імем слаўных суайчыннікаў: албанскі “лек” ад аЛЕКсандра Вялікага, ці таджыцкі Самані ад імя заснавальніка пратаджыцкай дзяржаўнасці. Літоўцы з латышамі ў 1922 годзе зрабілі яшчэ прасцей, назваўшы грошы “літамі” і “латамі” паводле першых літар назвы уласных народаў і краін. Між іншым, у тыя часы палякі таксама маглі выбраць замест злотага “лех”.

Такім чынам, еўрапейскія і постсавецкія валюты выводзяць назвы сваіх грашовых адзінак пераважна з часоў сярэднявечча: ад срэбраных зліткаў і залатых манет – ад пачаткаў нацыянальных манетарных сістэм.

Як называць беларускую валюту?

Нашай краіне таксама належыць звяртацца да грашовай сістэмы пачаткаў дзяржаўнасці. Для некага гэта будзе руская традыцыя – усходнеславянскія княствы ІХ-ХІІІ ст., для іншых гэта літоўская традыцыя – ВКЛ у XIII-XVI ст. Так ці іначай буйным плацёжным сродкам у той час з’яўляліся грыўня/рубель/ізрой і пазней капá.

Талер шырэй пачаў уводзіцца ў зварот на нашых тэрыторыях яшчэ пазней – у канцы XVI ст., у часы, калі пасля Люблінскай Уніі нашая эліта паступова губляла нацыянальную ідэнтычнасць, а Вялікая Княства Літоўскае растваралася ў федэратыўным моры Рэчы Паспалітай. Ды і хадзілі тады ў рэальным звароце больш заходнееўрапейскія талеры. А ўласнага біцця манеты такога намінала хутчэй за ўсё выконвалі данатыўныя функцыі: падарункі і ўзнагароды – недарма адмысловая навука называецца “фалер”ыстыкай.

Шмат хто і зараз лічыць, што “рубель” прыйшоў разам з раздзеламі Рэчы Паспалітай. Больш за тое, рублі – грыўні з зарубкамі – былі ўласцівыя болей для нашых тэрыторый чым для іншых рэгіёнаў Русі! Дарэчы, вельмі падобная сытуацыя і з “імем па бацьку” – як мы лёгка пазбаўляемся ад уласнай традыцыі, дорачы яе бяз рэштаў пазнейшым заваёўнікам.

Дык можа лепш “белар” – запазычыўшы традыцыю нашых паўночных суседзяў?... Альбо лепей “белка” – тавар у сярэднявеччы не такі цэнны, як шкуркі куніцы і собаля, але затое традыцыя ўжо з’явілася – помніце 50 капеек узору 1992?

старажытныя грошы древние деньги славян

1992

І ўсе ж, нават калі некаму зусім недаспадобы асацыяцыя з валютай усходняга суседа (рубель), і не хочацца паўтараць паўднёвага суседа (грыўня), застаецца ў рэзэрве яшчэ наш рэгіянальны ізрой, і нарэшце капá, якая масава фігуруе ў дакументах XV – першай паловы XVI ст. – у часы, калі ВКЛ дасягнула сваёй тэрытарыяльнай велічы.

старажытныя грошы древние деньги славян  

Літоўскі ізрой XIII-XIV стст.

25 чэрвеня 2016 © Твой стыль