Гродзенскiя калекцыянеры: хочам прынесці сюды еўрапейскія традыцыі «Кірмаша даўніны»

 

Ярмарка

 

У апошнія дні красавіка ў Гродне на пляцоўцы за Палацам тэкстыльшчыкаў будзе праходзіць «Кірмаш даўніны», дзе будуць прадстаўлены калекцыі членаў народнага клуба «Скарабей». Гэта не толькі манеты і маркі, але і незвычайныя ракавінкі, салдацікі, запалкавыя скрынкі і іншае.

Старшыня народнага клуба калекцыянераў «Скарабей» Віктар Какарэка распавядае, што «Кірмаш даўніны», які адбудзецца ўпершыню, павінен спадабацца не толькі гараджанам, але і гасцям горада.

«Арганізуючы адкрытую выставу калекцыянераў, мы хацелі б расказаць жыхарам і гасцям горада аб розных напрамках калекцыянавання, якімі захопленыя члены клуба. Паказаць гасцям кірмашу тэматычна сістэматызаваны матэрыял і найбольш цікавыя артэфакты, якія маюць дачыненне да гісторыі і шматнацыянальнай культуры нашага рэгіёну. Плануем праз абмен, куплю і продаж папоўніць свае зборы новымі прадметамі».

Чытайце яшчэ:  Гродзенскія калекцыянеры пачалі выстаўляць свае багацці ў краме "Багач"

Падобныя «Кірмашы даўніны» ў суседніх краінах карыстаюцца попытам. Туды прыходзяць калекцыянеры ў пошуках цікавых прадметаў або мясцовыя жыхары і турысты, тыя, хто проста хоча паглядзець, патрымаць у руках старадаўнія прадметы побыту, а часам і купіць вельмі дзіўныя рэдкія асобнікі.

«Мы разлічваем на супрацоўніцтва з калекцыянерамі і гандлярамі антыкварыяту і прадметаў даўніны з іншых рэгіёнаў. Плануем прынесці да нас еўрапейскія традыцыі правядзення «Кірмаша даўніны», дзе можна прадаць і купіць традыцыйны калекцыйны матэрыял: манеты, банкноты, значкі, маркі і г.д. А таксама стварыць умовы для гандлю антыкварыятам, прадметамі мастацтва або самымі простымі прадметамі даўняга побыту, гэта значыць усім без выключэння, чым карысталіся нашы бабулі і дзядулі», — дадаў Віктар Какарэка.

Чытайце яшчэ:  "Салдацікі - мая любоў". Гродзенскі калекцыянер расказаў пра свае цэнныя фiгуркi