Закапаныя сакрэты

Читаем и обсуждаем публикации о коллекционерах, кладоискателях и охране историко-культурного наследия.

Модератор: Захар

Ответить
Wiktor
Сообщения: 275
Зарегистрирован: Сб ноя 18, 2006 11:34 am

Закапаныя сакрэты

Сообщение Wiktor » Вт мар 10, 2009 7:14 pm

Закапаныя сакрэты

За апошнiя дзвесце гадоў на тэрыторыi Беларусi было знойдзена больш за тысячу скарбаў. На нашай зямлi ходзiць шмат легендаў пра багаццi, быццам бы яны заклятыя i не хочуць давацца людзям ў рукi, але часам атрымлiваецца наадварот. Так, людзi капаюць агарод i натрапляюць на скарбонку з манетамi цi на адхiле дождж размывае зямлю i бачныя старыя грошы, было i такое, што скарбы носам разрывалi парсюкi цi манеты знаходзiлi ў гнёздах птушак. Якiя загадкi могуць стаяць за кожнай такой знаходкай?

Шкада, што большасць старажытных багаццяў, якiя сёння знаходзяць людзi, не даходзiць да даследчыкаў або трапляе да iх у не поўным выглядзе. Інфармацыя аб тым, дзе быў знойдзены скарб, у якiм стане ён знаходзiўся, з якiх манет i рэчаў ён складаўся, часам губляецца. Калi б у нас iснавала хаця б такое правiла, што знойдзеныя скарбы напачатку апiсваюцца, а пасля вяртаюцца таму, хто iх знайшоў, напэўна, мы атрымлiвалi б больш каштоўнай гiстарычнай iнфармацыi. У якiм стагоддзi былi схаваны грошы, хто iмi валодаў, наколькi багатым быў рэгiён, з якiмi краiнамi былi наладжаны эканамiчныя, палiтычныя i культурныя сувязi. I гэта далёка яшчэ не ўсё, пра што могуць расказаць скарбы.

Традыцыя захоўваць грошы была даволi папулярная да 20 стагоддзя. I было гэта не толькi прэрагатывай багатых людзей. Як расказвае старшы навуковы супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Шамiль Бекцiнееў, да сярэдзiны ХIХ стагоддзя сяляне залежалi ад свайго гаспадара. I паколькi дзейнiчаў прынцып "чым больш даеш, тым больш з цябе пасля патрабуюць", яны часта вымушаны былi хаваць свае грошы. Такiя схованкi былi своеасаблiвым рэзервам (на "чорны дзень", на больш удалыя ўкладаннi пазней). Калi навукоўцы атрымлiваюць звесткi пра агульную колькасць скарбаў, якiя былi схаваныя ў пэўны перыяд на пэўнай тэрыторыi, яны могуць меркаваць пра эканамiчнае развiццё рэгiёна. Прынамсi, думкi наконт некаторых вялiкiх манетных скарбаў у розных навукоўцаў могуць не супадаць, адны лiчаць, што гэта схаваная казна, другiя — што сыравiна для пераплаўкi i вытворчасцi iншых вырабаў.

Першыя манеты

Найбольш старажытныя манеты, якiя захоўвалiся ў зямлi беларускай, чаканiлiся яшчэ ў I—II стагоддзях i патрапiлi да нас з Рыма. Па словах Шамiля Iршатавiча, наўрад цi iмi маглi расплачвацца за нейкiя тавары, хутчэй за ўсё яны былi сувенiрамi цi сыравiнай для iншых вырабаў — часам iх проста пераплаўлялi. Як плацежныя сродкi манеты на нашай тэрыторыi з’явiлiся толькi на рубяжы VIII —IХ стагоддзяў. Арабскi халiфат плацiў дзiрхемамi за розныя тавары: мёд, воск, футра, рабоў i iншае. На Русi адна шкурка кунiцы каштавала адзiн дзiрхем, адсюль i пайшла мясцовая назва грашовай адзiнкi. Iснуе версiя, што многiя старажытныя "iмёны" манет на нашай тэрыторыi з’явiлiся дзякуючы гандлю шкуркамi жывёл. А вось самая дробная манетка — векша (або веверыца цi бела) — наадварот дала назву звярку, бо роўна столькi каштавала шкурка вавёркi. Прынамсi, у гiсторыi ёсць i iншыя прыклады, калi манеты давалi назвы нейкiм прадметам, так газета пазычыла назву ад венецыянскай манеты, якой расплачвалiся за лiсток з навiнамi, а салдат — ад iтальянскiх "сольда", якiя вайскоўцы атрымлiвалi за службу.

Доўгi час унутраны гандаль на тэрыторыi нашай краiны не быў развiты, а вось знешнi дасягаў неверагодных абаротаў. Паступова ўсё больш павялiчваюцца эканамiчныя сувязi з захадам, i адпаведна так да нас трапляюць тамтэйшыя манеты дынарыi, хаця i дзiрхемы некаторы час прыцягваюць хадзiць як законны плацежны сродак.

Як сведчаць пiсьмовыя крынiцы, аднымi з самых развiтых у ХIII стагоддзi былi Полацкi i Вiцебскi рэгiёны, яны былi своеасаблiвай перавалачнай тэрыторыяй, праз якую здзяйснялiся мiграцыi грошай i тавараў памiж захадам i ўсходнiмi рускiмi землямi. Ёсць звесткi, што на тэрыторыю тагачаснай Еўропы iшлi дзясяткi, сотнi тон воску, сотнi тысяч шкурак. Роля пасрэднiка памiж Захадам i Усходам, безумоўна, спрыяла развiццю гэтых рэгiёнаў. Але ўзнiкае пытанне: калi iснаваў такi вялiкi гандаль i праз нашу тэрыторыю прасоўвалася вялiкая сума грошай, чаму тады так мала скарбаў, датаваных ХIII стагоддзем, сустракаецца на Беларусi. Адказ, на думку Шамiля Iршатавiча, у тым, што старажытныя бiзнэсмены пастаянна пускалi грошы ў развiццё свайго бiзнэсу i iм было не да "зямельных укладанняў". У больш познiя часы калi гандаль пачаў кантралявацца правiцелем, вялiкiм князем лiтоўскiм, на тэрыторыi Беларусi стала "асядаць" больш манет. У дадатак тады значна павялiчылася колькасць насельнiцтва, сталi развiвацца свае рамёствы. Адпаведна вырас i попыт на замежную прадукцыю. Наступае эпоха пражскага гроша, цi як яшчэ яго называлi "шырокага" за памер.

Сам пражскi грош пачаў чаканiцца ў 1300 годзе ў Чэхii, дзе на той час былi знойдзены багатыя запасы срэбра. I што цiкава: на тэрыторыi Вялiкага княства Лiтоўскага гэтыя манеты былi ў абарачэннi, нават калi iмi перасталi карыстацца на радзiме. Так у другой чвэрцi ХVI стагоддзя iх перасталi чаканiць, а з грашовага абарачэння ў ВКЛ iх знялi толькi ў 60-х гадах ХVII стагоддзя. I старажытныя прадпрымальнiкi змаглi скарыстаць гэта: купцы ехалi, напрыклад, у Польшчу, Германiю, дзе пражскi грош пачаў выходзiць з ужытку, i скуплялi там такiя манеты як металалом. А на нашай тэрыторыi гэты тавар выкарыстоўваўся як звычайныя грошы. А цяпер паспрабуйце ўявiць, як выглядалi "пражскiя грошы", пасля таго, як на працягу стагоддзяў перадавалiся з рук у рукi. Многiя з гэтых манет сцёртыя настолькi, што згубiлi больш за трэць сваёй першаснай вагi.

Дарэчы, ведаеце чаму паступова залатыя i срэбныя манеты выцеснены з масавага ўжытку меднымi i папяровымi грашыма? Каштоўны метал нявыгадна было пускаць па руках. У дзевятнаццатым стагоддзi быў праведзены эксперымент: на вагi паклалi новую залатую манетку. Пасля яе патрымалi ў руках i зноў узважылi, i ўжо яе вага стала меншая.

Грошы
Вялiкага княства

Такiм чынам, па нашай зямлi "хадзiла" шмат манет, зробленых у далёкiм замежжы. Але ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм чаканiлiся i свае манеты. I першыя грошы на тэрыторыi княства, цi, як iх яшчэ называлi, лiтоўскiя пенязi, звязаны з iмёнамi Ягайлы i Вiтаўта. Наконт асобных з гэтых манет яшчэ вядуцца спрэчкi, каму з гэтых правiцеляў iх прыпiсваць. Чаканiць свае грошы Вялiкае княства пачало пасля 1386 года, калi Ягайла ажанiўся з каралевай польскай Ядвiгай i стаў каралём Польскiм i Вялiкiм князям Лiтоўскiм. Манеты гэтыя былi невысокай якасцi, з дрэнным малюнкам, партрэт князя на iх хутчэй нагадваў карыкатуру. "Але чаму гэтыя грошы былi такiмi, калi ў Польшчы на той момант чаканка манет вялася на высокiм узроўнi?" — пытаюся ў Шамiля Iршатавiча. Навуковец мяркуе, што адказ тут можа быць даволi простым, элементарна не хапала сродкаў, каб наладзiць гэтую вытворчасць, у Вялiкага княства не было радовiшчаў срэбра, i, напэўна, заморскiя майстры, якiя рабiлi манеты, не надта хацелi ехаць у Вiльню.

Ды i тыраж першых манет Вялiкага княства не быў вялiкiм, вiдаць, што яны рабiлiся больш для прэстыжу, як сiмвал улады пэўнага правiцеля. Вядома некалькi тыпаў тых манет, асобныя з iх пакуль знойдзены толькi ў двух-трох экзэмплярах. I толькi манет трэцяга тыпу сёння знойдзена каля пяцi тысяч штук, яны больш-менш блiзкiя па сваёй вазе 0,3—0,5 грама. Як вiдаць, у тыя часы пенязi не сталi адыгрываць вялiкую ролю ў грашовай сiстэме. Хутчэй за ўсё яны хадзiлi толькi на ўнутраным рынку, а з замежнымi партнёрамi княства расплачвалася iншаземнай "валютай". I нашы продкi маглi мець у руках адначасова манеты, якiя прыйшлi з розных бакоў свету. Побач з еўрапейскiмi ўжывалiся нават грошы з Iндыi, якiя маглi патрапiць на нашы землi ў часы Вiтаўта, гэты князь цешыў надзею падабраць пад сваё ўладанне частку рускiх зямель. Ён прыняў хана Тахтамыша, якi бег з Залатой Арды, з разлiкам выкарыстаць яго у сваёй барацьбе з Маскоўскiм княствам, у сваю чаргу Вiтаўт павiнен быў дапамагчы хану вярнуць залатаардынскi трон. Хан прыехаў у ВКЛ са сваiмi людзьмi, якiя прывезлi шмат грошай i, каб узаконiць гэтыя манеты на тэрыторыi княства, на iх ставiлася кляймо—выява калюмна (герба Вiтаўта). Сярод грошай, якiя паступiлi на наш рынак дзякуючы хану, былi i iндыйскiя манеты. Прынамсi, пра планы Вiтаўта на заваяванне рускiх зямель раскажуць асобныя манеты, якiя iм выпускалiся — на iх была выява звера, па словах Шамiля Iршатавiча, хутчэй за ўсё гэта барс, вобраз якога распаўсюджаны ў рускай геральдыцы.

Пераемнiкамi Вiтаўта напачатку таксама чаканiлiся нiзкаякасныя манеткi, але пасля 1492 года на Вiленскi манетны двор запрашаюцца iтальянскiя майстры. Тут пачынаюць стварацца манеты на нямецкi ўзор, але з атрыбутыкай Вялiкага княства Лiтоўскага. Падобныя на еўрапейскiя, яны пачынаюць вывозiцца ў iншыя краiны. Манеты канца ХV — пачатку ХVI стагоддзя знаходзяць нават у скарбах Закаўказзя.

Брак i фальшыўкi

Як ужо гаварылася, першыя манеты Вялiкага княства Лiтоўскага былi не зусiм добрай якасцi. Нават некалькi манет аднаго тыпу могуць быць непадобнымi адна на адну. Штэмпелi выразалiся з жалеза, калi чаканiлi манету, iх разбiвалi, а пасля падразалi, абнаўлялi i зноў выкарыстоўвалi, у вынiку атрымлiвалася, што першыя манеты выпускалiся з выразным малюнкам, а на апошнiх ён ужо не чытаўся. Часта на манетах рабiлiся памылкi. Люстраная выява некаторых лiтар, пропуск асобных знакаў, недахоп апошнiх (проста калi майстар выразаў слова, яго частка не памясцiлася) — звычайная з’ява для тых часоў. Але гэтыя манеты не лiчылiся бракаванымi i пускалiся ў абарачэнне. Ды i беднаце, якая ў той час была непiсьменнай, было ўсё адно, што напiсана на манеце. Сярод насельнiцтва хадзiла i шмат фальшывак. Так, сярод барацiнак, якiя выраблялiся ў 1659—1668 годзе, кожная другая была падробкай. Адрознiць iх не складана — калi на сапраўднай манеце быў якасны малюнак, дык на фальшывай — валасы i вочы асобы пазначаны сiмвалiчна. Беднату, якая карысталася гэтымi манетамi, нiхто не прыгнятаў, а вось пакараннi для самiх фальшываманетчыкаў былi надта жорсткiмi. Ёсць дакументы, якiя паказваюць, як разбiралiся з такiмi зладзеямi: iм рубiлi рукi i галовы, закопвалi жывымi ў зямлю, залiвалi ў рот расплаўлены метал. Грошай не хапала, i фальшывыя барацiнкi разам з сапраўднымi працягвалi хадзiць да 1733—1734 гадоў...

Скарбы могуць расказаць пра катаклiзмы, якiя здаралiся на пэўнай тэрыторыi: адчуваючы небяспеку, перад войнамi людзi хавалi свае зберажэннi. Яны здольны расказаць i пра тое, у якiя часы нашым продкам даводзiлася "асаблiва нясоладка" , калi наспявалi, мiжусобiцы, эпiдэмii. Магчыма, менавiта таму больш за ўсё на нашай зямлi знаходзiцца скарбаў, схаваных у ХVI стагоддзi. У гэты час, дарэчы, нават iснаваў спецыяльны ганчарны промысел, калi выраблялiся кубышкi самых розных памераў для захавання грошай. У даўнiну людзi маглi ствараць тайнiкi ў сваiх будынках, падвалах цi за iх межамi, часта ў лесе. Некаторыя з тых скарбаў, якiя ў нашы часы знойдзены выпадкова, хiба што не самi вылезлi з зямлi, вiдаць, былi закапаны iх уладальнiкамi неглыбока, бо яны спадзявалiся забраць грошы ў найблiжэйшы час. Што стала з уладальнiкамi гэтых скарбаў, чаму грошы не сталi запатрабаванымi — яшчэ адна з загадак, якiя трэба расшыфроўваць.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ.
http://www.zvyazda.minsk.by/ru/archive/ ... 2009-03-10
10 сакавiка 2009 года № 44 (26422)

Ответить