Печать

Гісторык з Гародні Андрэй Вашкевіч стаў лаўрэатам ІV-й узнагароды імя Ядкоўскага. Вынік штогадовага конкурса на узнагароду імя Юзафа Ядкоўскага абвесцілі 8 лістапада 2015 г. ў галерэі “Крыга”.

 

Узнагароду заснавалі ў 2012 годзе дзеля ўшанавання і падтрымкі дзейнасці, якая паспрыяла папулярызацыі гарадзенскай мінуўшчыны, а таксама захаванню прыроднай і гісторыка-культурнай самабытнасці горада і рэгіёна. Яе ўручаюць раз у год.

У 2015 годзе замест абрання кандыдата вузкім колам гарадзенскіх даследчыкаў, была вызначана новая сістэма вылучэння лаўрэатаў прэміі. Кандыдаты вылучаюцца сябрамі Капітула створанага пры Цэнтры гарадскіх даследаванняў. У яго склад уваходзяць даследчыкі гісторыі і культуры Гародні: Юры Гардзееў, Алесь Госцеў, Андрэй Вашкевіч, Эдвард Дзьмухоўскі, Любоў Зорына, Віталь Карнялюк, Таццяна Касатая, Алесь Краўцэвіч, Ганна Паўлоўская, Алесь Радзюк, Вольга Сабалеўская, Віктар Саяпін, Генадзь Семянчук, Алесь Смалянчук, Іна Соркіна, Вячаслаў Швед, Уладзімір Хільмановіч, Андрэй Чарнякевіч. Пасля вылучэння кандыдатаў, лаўрэат прэміі вызначаецца галасаваннем. Прэмія складаецца з асабістых ахвяраванняў сябраў Капітулы.

Лаўрэаты прэміі імя Юзафа Ядкоўскага: Андрэй Вашкевіч (2015 год), Віктар Саяпін (2013 год), Таццяна Касатая і Алесь Госцеў (2012 год), Фёдар Ігнатовіч (2014 год).

 

І-й Узнагародай імя Ядкоўскага (2012) былі ўганараваны вядомы гарадзенскі краязнавец і педагог, адзін з аўтараў кніг “Кронан”, “Гродназнаўства” ды шматлікіх публікацый па гісторыі Гродзеншчыны, стваральнік музея “Гісторыя педагогікі Гарадзеншчыны” Алесь Госцеў ды гісторык, краязнаўца, грамадскі дзеяч, арганізатар маладзевай ініцыятывы “Варштат ідэй” Таццяна Касатая.

Пераможцам ІІ-й Узнагароды імя Ядкоўскага (2013) стаў Віктар Саяпін – аўтар дзясятка кніг ды сотні артыкулаў па гісторыі горада ды цыкла дакументальных фільмаў пра гісторыка-культурную спадчыну Гародні.

Лаўрэатам ІІІ-й Узнагароды імя Ядкоўскага (2014) стаў гісторык медыцыны, кандыдат медыцынскіх навук, краязнаўца, аўтар каля 300 навуковых прац ды адзін са стваральнікаў музеі-аптэкі ў Гародні Фёдар Ігнатовіч.

Лаўрэатам ІV-й Узнагароды імя Ядкоўскага (2015) стаў Андрэй Вашкевіч, гісторык, які на працягу апошніх дзесяці год з’яўляецца адным з найбольш актыўных дзеячаў у галіне папулярызацыі гісторыка-архітэктурнай спадчыны Гародні, ініцыятарам шэрагу грамадскіх ініцыятыў па абароне і захаванню спадчыны горада, актыўна займаецца асветніцтвам і выхаваннем новага пакалення даследчыкаў мінулага Гародні.