Нумiзматыка – спецыяльны кірунак гіст. даследаванняў, які займае прамежкавае становішча паміж археалогіяй і гісторыяй, вывучае гісторыю грашова-вагавых сістэм розных эпох і краін, характар іх узаемаадносін у працэсе эканамічных, палітычных і культурных кантактаў этнасаў і дзяржаў, грашовае абарачэнне і яго ўзаемасувязі з таварным рынкам, арганізацыю і тэхніку манетнай вытворчасці, станаўленне і эвалюцыю манетнай справы, грашовыя рэформы, працэсы тэзаўрацыі скарбаў і іх прычыны.

Тэммін “нумізматыка” (лац. numismatica збор, калекцыя манет ад nummis, numisma манета) узнік ў сярэдневяковай Еўропе. Блізкімі да нумізматыкі з’яўляюцца дысцыпліны, звязанныя з даследваннем медалёў, жэтонаў і плакетак (медальернае мастацтва), ордэнаў і значкоў (фалерыстыка), папяровых грошай (баністыка) і прымітыўных даманетных сродкаў грашовага абарачэння (тавары-грошы). Асноўнай крыніцай вывучэння з’яўляюцца манеты і комплексныя манетныя скарбы, матэрыялы і інструменты манетнай вытворчасці, гіркі для ўзвешівання манет. Матэрыяламі нумізматычных даследванняў, без якіх немагчыма дасягнуць дакладных вывадаў, з’яўляюцца звесткі летапісных і актавых дакументаў, даследванняў і прац па археалогіі, генеалогіі, этнаграфіі, геральдыцы, сфрагістыцы, метралогіі, мовазнаўству, эпіграфіцы, палеаграфіі, мастацтвазнаўству, гіст. геаграфіі, палітычнай эканоміцы і гісторыі. Методыка сучаснай нумізматыкі грунтуецца на прынцыпе кампаратыўнасці для параўнання штэмпеляў і тэхнікі манетнай вытворчасці розных краін, супастаўлення эмісійнага манетнага датавання з стратыграфічнымі і дэндралагічнымі данымі археалогіі, з агульнагістарычнай храналогіяй, супастаўленне рэальных манет з упамінаннем сродкаў грашовага абарачэння, плацяжу і накаплення ў пісьмовых крыніцах і інш. Параўнальны аналіз штэмпеляў взначыць ступень інтэнсіўнасці выпуска манетных серый, іх храналаг. паслядоўнасць нават тады, калі на манетах адсутнічае дата чаканкі. Картаграфаванне манетных знаходак ізатопным, гама і нейтронна-актывацыйным аналізамі, з дапамогай камп'ютэрнай тэхнікі дазваляе вызначыць арэал і храналогію існавання манет, прасачыць шляхі не толькі ўнутранных, але і міжнародных гандлёвых, культурных і палітычных сувязей, датаваць іх узнікненне, росквіт і заняпад у розныя перыяды і часы, калі манеты функцыянавалі як сусветныя грошы за межамі своёй радзімы. Супастаўленне метралагічных характарыстык манет без вызначанай на іх вартасці з сучаснымі ім пісьмовымі крыніцамі дае магчымасць выявіць наміналы.

Станаўленню нумізматыкі як навукі папярэднічаў працяглы перыяд збіральніцтва манет, вядомага з антычных часоў. У Заходняй Еўропе збіральніцтва пашырана з 14 – 15 ст. у Расіі на Беларусі – з 2 пал. 17 ст. Ад механічнага калекцыяніравання помнікаў грашовага абарачэння пачынаецца працэс шырокага гіст., эканамічнага, метралагічнага, мастацтвазнаўчага аналізу з выкары станнем пісьмовых і археал. крыніц, развіваецца нумізматыка як навука.

Заснавальнік навук. нумізматыкі I. Экель выдаў у Вене ў 1792 – 98   працу ў 8 тамах «Навука пра старажытныя манеты». У Расіі першыя спробы аналітычнага асэнсавання нумізматычных звестак вядомы з канца 18 ст. У 1846 створана Археалагічна-нумізматычнае т-ва, у 1859 заснавана Археалагічная камісія (Пецярбург), якая сістэматычна рэгістравала нумізматычныя помнікі краіны, размяркоўвала іх па музеях, прадавала прыватным асобам або перадавала на пераплаўку ў манетныя двары (манеты 16 – 19 ст.). 3 1988 працуе Маскоўскае нумізматычнае т-ва, у 1919 – 29 рэгістрацыю скарбаў праводзіла Камісія па нумізматыцы і гліптыцы Дзярж. (да 1926 — Расійскай дзяржаўнай) акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры, пазней – рэспубліканскія АН і музеi. У наш час найб. нумізматычныя калекцыі маюць Дзярж. Эрмітаж (Ленінград) і Дзярж. гіст. музей (Масква). Каардынуе нумізматычныя даследаванні і кіруе імі Нумізматычная камісія пры Нацыянальным камітэце гісторыкаў СССР.

На Беларусі ў 16–18 ст. вядомы нумізматычны збор Радзівілаў (Нясвіж). У 1-й пал. 1820-х г. значная калекцыя манет належала графу М. П. Румянцаву. Сярод скарбаў былі гомельскія 1821 (польскія манеты 1620-х г.) і 1822 (манеты Арабскага халіфата 9–10 ст.), магілёўскі 1822 (арабскія манеты 8–9 ст.), віцебскі, тракайскі. У 1825 толькі ўсх. аддзяленне збору Румянцава налічвала 950 манет, у 1828 грэчаская частка антычнага аддзялення – 524 манеты. У 1831 уся гэтая калекцыя трапіла ў казённае ведамства (Пецярбург), у 1861 перавезена ў Маскву і склала аснову Румянцаўскага музея. У 1834 I. Ф. Паскевіч, які купіў у Румянцавых г. Гомель, таксама пачаў збіраць манеты. У 1840–60-я г. ў Віленскай і Мінскай губ. буйным збіральнікам быў граф Я. П. Тышкевіч, які перадаў 3072 манеты ў створаны па яго ініцыятывеВіленскі музей старажытнасцей, адзін з аддзелаў якога складаўся з калекцыи медалёў і манет кожнай дзяржавы паасобна. Значныя зборы ў 1880–90-я г. ў Віленскай  губ. належалі Марачэўскаму (Вільна), уладальніку маёнтка Хожава Вілейскага пав., у пач. 20 ст. – Брадоўскаму (Вільна). У 1870–90-я г. на Міншчыне актыўнымі збіральнікамі нумізматычнага матэрыялу былі Г. Татур (частка калекцыі трапіла ў Віленскі бел. музей, створаны ў 1921) і Э. Чапскі, на Гро дзеншчыне – М. Авенарыус, святар Міхайлоўскі, Флеры, К. В. Балсуноўскі, аптэкар Шпор, М. Федароўскі (манеты 12–17 ст. з могільнікаў вёсак Нача, Апонаўцы, Казляны і інш.), 3. Глогер і інш., на Віцебшчыне – М. Кусцінскі, П. Плятар, Бергнер, Валадковіч (на аснове іх калекцыи быў створаны музей В. П. Федаровіча), на Магілёўшчыне і Гомелыпчыне – Е. Р. Раманаў. У канцы 19 ст. рэгістрацыя і збор манетных скарбаў паступова пераходзщь да музеяў, створаных у 1870–80-я г. пры статыстычных камітэтах Віленскай, Мінскай, Гро-дзенскай, Віцебскай і Магілеўскай губ. Багатыя нумізматычныя калекцыі зберагалі Віцебскі царкоўна-археалагічны музей, Мінскі царкоў наархеалагічны музей, Бел. дзяржаўны музей у Мінску (створаны на аснове гэтых калекцыи, меў 14 тыс. манет, з іх 11 тыс. са скарбаў, знойдзеных на Беларусі), Віцебскі абласны краязнаўчы музей, Гомелъскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей, зборы якіх загінулі ў гады Вял. Айч. вайны. У пасляваенныя гады адноўлены музеі і папоўнены іх фонды. У іх сабрана і зберагаецца больш за 450 манетных скарбаў з больш як 100 тыс. манет розных эпох. Найб. буйныя нумізматычныя зборы ў Бел. дзярж. музеі і Нумізматычным кабінеце БДУ.

Упершыню нумізматыку Беларусі вывучаюць студэнты гіст. факуль-тэта БДУ, пішуць курсавыя і дыпломныя працы па гісторыі грашовага абарачэння. На Беларусі навук. нумізматыка адна з самых маладых гіст. дысцыплін. Пачынальнікамі яе былі П. Харламповіч, Ю. Ядкоўскі і М. М. Шчакаціхін. Актыўнае раз-віццё нумізматычных даследаванняў пачалося у 1960-я г. Паявіліся значныя працы і публікацыі бел. даследчыкаў, прысвечаныя вызначэнню канкрэтных сродкаў манетнага абарачэння рынкаў Беларусі ў розныя перыяды яе гісторыі, складанню вопісаў выяўленых скарбаў і асобных манет, перыядызацыі гісторыі грашовага абарачэння на тэр. рэспублікі з 1 ст. н. э. да цяперашняга часу. Вызначаны асн. этапы развіцця грашовага абарачэння.

Перыяд рымскага дэнарыя (канец 2 – пач. 3 ст. н. э.). Манеты прадстаўлены пераважна сярэбраным дэнарыем і менш медным сестэрцыем імператарскага Рыма. Выяўлены адзінкавыя знаходкі манет Баспора, Фракіі, пталамееўскага Егіпта. Большасць дэнарыяў выяўлена на тэр. Брэсцкай і Гродзенскай абл., магчыма, таму, што тут праходзіў участак т. зв. «бурштынавага шляху», які злучыў Рым з берагамі Балтыкі, спрыяў распаўсюджанню часткі чаканнага серабра на сумежныя тэрыторыі. Эканамічны і палітычны крызіс Рымскай імперыі спыніў паступленне гэтых манет.

Перыяд куфіцкага дырхема (9–10 ст.). Пасля значнага перапынку ў манетным абарачэнні на тэр. Русі амаль у 6 ст. пачалося паступленне вял. сярэбранай манеты Арабскага халіфата – куфіцкага дырхема, які захапіў абсалютную манаполію ў старажытнарускім грашовым абарачэнні. Яго фрагменты па стараж. пісьмовых крыніцах Русі вядомы пад назвамі яе першых грашовых адзінак – куна, розана, нагота, вевярыца. Да пач. 10 ст. паявіліся першыя перайманні дырхема ўсх. і ўсх.-слав. паходжання. На Беларусі скарбы гэтых манет сустракаюцца пераважна ў Падняпроўі і Падзвінні на шляху «з варагаў у грэкі». Заняпад выкарыстання дырхема пачаўся ў выніку спустошанасці радовішчаў серабра ў краінах Усходу, паглыбіўся феад. раздрабленнем халіфата і выхаду яго з ліку сусветных гандлёвых дзяржаў.

Перыяд заходнееўрапейскага дэнарыя (канец 10 ст. – 1060-я г.). Дырхем у грашовым абарачэнні Зах. зямель Русі быў заменены сярэбраным дэнарыем. Спарадычнае паступленне яго ў канцы 10 ст. стала рэгулярным з пач. 11 ст. На тэр. паўн. Русі дырхем завозіўся да канца 1-й чвэрці 12 ст., паўд. Русі – да 2-га дзесяцігоддзя 11 ст., зах. землі – да сярэдзіны 1060-х г. (найб. у Падняпроўі і Падзвінні). Заняпад манетнага імпарту абумоўлены феад. драбленнем дзяржаў Зах. Еўропы і павелічэннем колькасці манетных двароў, што выклікала памяншэнне ўтрымання серабра ў манеце. Парушаецца вагавая і якасная аднастайнасць дэнарыя. 3 дэнарыем актыўна працягваў абарачацца дырхем, спарадычна сустракаюцца залатыя солід, намiсма, сярэбраны міліярысій і медны фоліс. Знойдзены і ўласна рускія ма­неты – златнікі срэбранік.

Безманетны перыяд (2-я пал. 11—13 ст.) характэрны наяўнасцю ў абарачэнні зліткаў плацежных з серабра (зрэдку золата) пэўных форм і масы і адсутнасцю манет. На Беларусі вядомы зліткі заходне-рускія, або літоўскія, кіеўскія (зніклі ў 13 ст.), наўгародскія (на тэр. Падняпроўя і Падзвіння). Выкарыстоўваліся, верагодна, у якасці буйных грашовых адзінак у гандлёвых аперацыях (маса 50–100 і 100–200 г). Мяркуюць, што дробным разменным наміналам былі тавар – грошы – кауры, некаторыя стандартныя вырабы рамеснай вытворчасці (часцей абменьвалі тавар на тавар).

Перыяд пражскага гроша (14–15 ст.). 3 сярэдзіны 14 ст., калі Беларусь увайшла ў склад Вял. кн. Літоўскага, грашовая гаспадарка пачала развівацца іншым у адрозненне ад агульнарускага шляхам. Разам з заходнерускімі і наўгародскімі зліткамі, што бытавалі, у абарачэнне ўваходзяць сярэбраныя літоўскія дэнарыі 14–15 ст. У Чэхіі каля 1300 пачалася эмісія гроша польского, які хутка стаў міжнароднай манетай, аб чым сведчаць шматлікія манетныя скарбы (на Беларусі найб. у Падняпроўі), пісьмовыя крыніцы 1337,  1378–1419.  Абарачаліся таксама медныя пулы, сярэбраныя дырхемы Залатой Арды, сярэбраныя паўгрошы Польшчы, шылінгі Лівонскага ордэна, залатыя дукаты Венгрыі і ноблі Англіі. Заняпад пражскага гроша быў выкліканы гусіцкімі і міжусобнымі войнамі ў Чэхіі.

Перыяд канца 15  сярэдзіны 17 ст. 3 канца 15 ст. Вял. кн. Літоўскае выпускав сярэбраныя дэнарый, паўгрош, пазней грош, два грошы, тры грошы, шастак,пауталер, талер і дукат. Зрэдку ў абарачэнні сустракаюцца манеты Польшчы канца 15 – 1-й чвэрці 16 ст., у 1520 – 40-я г. – паўгрошы і грошы Сілезіі і Прусіі. 3 утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) з канца 1570-х г. упершыню пачалася грашовая эмісія з білону солідаў, што прыйшлі на змену паўгрошу. Да пач. 17 ст. ў аба рачэйні паявіліся білонны паўтарак і сярэбраны орт, сярэбраныя дэнарый Венгрыі і копейка Расіі, у 1620-я г. – маркі і васьмішылінговікі Даніі, з канца 1-й чвэрці 17 ст. – білонныя соліды ідрайпёлькеры Шведскай Прыбалтыкі, Прусіі, Брандэнбурга, залатыя і сярэбраныя дукаты і талеры Нідэрландаў і інш. заходнееўрап. дзяржаў. У 1581–1621 асноўнымі манетамі ў грашовым абарачэнні Рэчы Паспалітай былі соліды і драйпёлькеры.

Перыяд 2-й пал. 17 – канца 18 ст. Тэты перыяд адзначаны эканам. і паліт. крызісам Рэчы Пас палітай. У 1659–66 першы на Беларусі Брэсцкі манетны дворвыпуска ў медныя соліды, крэдытныя 30-грашовікі (злотыя, тымфы). Пасля перапынку ў рабоце манетных двароў пачалася чаканка паўнацэнных манет. У канцы 17 ст. – пач. 1780-х г. грашовыя эмісіі вяліся ў вотчыне каралёў Рэчы Паспалітай – Саксоніі, у сярэдзіне 1760 – сярэдзіне 1790-х г. – у Варшаве. У 1706–07 г. Гродзенскі манетны двор выпусціў апошнія літоўскія манеты – траяк і шастак, у 1793, верагодна, польскі талер. У канцы 1660-х г. спынілася паступленне прыбалтыйскага білону, раней – білону Прусіі і Брандэнбурга. Зменшыўся ўвоз дуката і талера. 3 падзелам Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) паступова ўзмацняецца абарачэнне рускіх манет.

Перыяд канца 18ст. – 1917. Далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі (1795) падпарадкавала гра-шовы рынак агульнарасійскаму, хоць пэўны час ён захоўваў свае спецыфічныя рысы. У пач. 19 ст. працягвалася абарачэнне польска-літоўскіх манет 17–18 ст. Прыток талераў і дукатаў Нідэрландаў спадае ў 1810-я г., прускага серабра – у 1830-я г. У 1812 на бел. рынку абарачаліся медныя і сярэбраныя наміналы герцагства Варшаўскага. 3 заснаваннем Каралеўства Польскага (1815) у складзе РасііВаршаўскі манетны двор пачаў выпуск традыцыйных польскіх наміналаў (грошы, злотыя) з медзі, білону, серабра і золата. У 1831 паявіліся манеты «мяцежныя». Пасля задушэння польскай рэвалюцыі ў Варшаве і Пецярбургу пачалася эмісія манет двухмерных з наміналамі ў капейках, рублях, грошах і злотых. У сярэдзіне 1850-х г. адбылося поўнае зліццё грашовага абарачэння Беларусі з агульнарускім. Першая сусветная вайна стала прычынай глыбокіх крызісных з'яў у фінансах Расіі. У 1916 спынены выпуск медных і сярэбраных манет (у золаце апошняя чаканка праведзена ў 1911). Рэзка ўзраслі папяровыя эмісіі, таму рэальная пакупная здольнасць папяровага рубля ў пач. лютага 1917 была роўная 25 капейкам. Часовы ўрад узмацніў фінансавы крызіс, павялічыўшы ў 8 разоў іх выпуск; вартасць рубля ў кастр. 1917 адпавядала 6 капейкам. На Беларусі ў манетным абарачэнні, акрамя расійскіх выпускаў, з 1916 былі жал. боны германскіх акупацыйных войск 1916.

Савецкі перыяд. У першыя гады Сав. улады ў абарачэнні заставаліся грашовыя выпускі царскай і буржуазнай Расіі, да якіх далучыліся папяровыя эмісіі РСФСР 1918, 1920. Пакупная здольнасць рубля ў 1921 адпавядала 0,0059 капейкі. На тэр. Зах. Беларусі (да 2.11.1939) абарачаліся польскія манетныя і папяровыя эмісіі. Пасля ўтварэння СССР (1922) грашовай рэформай 1922–24 утворана сав. грашовая сістэма.

 

В.Н. Рабцевiч. Нумiзматыка // Археалогiя i нумiзматыка Беларусi: Энцыкл. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: В.В. Гэтаў i iншыя. – Мн.: БелЭн, 1993. – 702 с.: ил.