Печать

Вишчынски скарб

Знойдзены каля в. Вішчын Рагачоўскага р-на ў час даследавання крапасной сцяны гарадзішча ў 1979. Адзін з найб. выдатных па мастацкай каштоўнасці скарбаў, знойдзеных на Беларусі. Складаўся з рэчавай і грашовай частак.

Рэчавая прадстаўлена жаночымі ўпрыгожаннямі: фрагменты караляў з 3 авальных сярэбраных пацерак і 4 крыжападобных падвесак; 2 колты з выявамі птушак на шчытках, выкананых у тэхніцы перагародчатай эмалі; зоркавы 6-прамянёвы колт з зерню і колт з ажурным краем і выявамі 2 птушак і крыжа ў цэнтры (тэхніка чэрні); фрагменты расен – ланцужкоў з ціснёных калодачак-паўцыліндрыкаў, на якіх падвешваліся колты; 2 падвескі з канічнымі верхавінкамі і прымацаванымі да іх ланцужкамі з круглымі бляшкамі з скразнымі адтулінамі, упрыгожаныя сканню і зерню, апраўленыя дробнымі кольцамі; масіўны бранзалет, скручаны з 3 жгутоў з канцамі ў выглядзе стылізаваных галовак змей; двухстворкавы пласціністы бранзалет з раслінным арнаментам і гравіраванымі выявамі птушак. Усе рэчы з высакапробнага серабра, колты з эмалямі, крыжападобныя падвескі, пацеркі і пласціністы бранзалет залачоныя.

Грашовая частка складаецца з сярэбраных зліткаў-грыўняў: 2 наўгародскія, 8 літоўскіх, 6 кіеўскіх і 2 палціны наўгародскага і літ. тыпаў.

Ухаваны скарб у канцы 12 – 1-й трэці 13 ст. Зберагаецца ў Нумізматычным кабінеце БДУ. 

Літ.: 183, 388. А. М. Ваганава. 

Археалогiя i нумiзматыка Беларусi: Энцыкл. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: В.В. Гэтаў i iншыя. – Мн.: БелЭн, 1993. – 702 с.: ил.

183. Ваганава А.М. Умацаваныя феадальныя сядзiбы XI – XIII ст. // ПГКБ. 1980. № 3.
388. Загорульский Э.М. Исследования Вищинского замка // Древнерусское государство и славяне. Мн. 1983.