У Горадні знаходзіцца сядзіба Беларускага нумізматычнага таварыства. Сёньня ў ім больш за сто чалавек, гэта — музэйныя супрацоўнікі, выкладчыкі, проста калекцыянэры, існуюць філіі ва ўсіх абласьцях, апроч Гомельскай. Кіраўнік таварыства Віктар Какарэка гаворыць, што ў Горадні карпатліва вывучаюць манэты часоў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Апроч гэтага, сябры арганізацыі складаюць мапу скарбаў на тэрыторыі Гарадзеншчыны, што былі знойдзеныя за апошнія два стагодзьдзі.

Віктар Какарэка выдатна ведае нумізматычную спадчыну беларусаў, разам з менскім дасьледчыкам Ільлём Шталянковым яны выдалі даведнік “Манэты Вялікага княства Літоўскага. 1492-1707”. Прызнаюся, я асабіста ўпершыню ўбачыў манэты з выявай герба Пагоня і разглядаў іх зь вялікай цікавасьцю.

У нумізматычным таварыстве зьбіраюць зьвесткі пра скарбы і ўсё ведаюць пра абарачэньне грошай. Яшчэ ў савецкія часы на вул.Ажэшкі будавалі дом, і экскаватаршчык знайшоў гаршчок зь невядомымі купюрамі. Вырашыў абмяняць у банку, аказалася, што гэта былі амэрыканскія даляры. Віктар Какарэка зазначае, што пасьля акупацыі Горадні ў 1941 годзе немцы далучылі яе да Нямеччыны, і тут мелі абарачэньне розныя грошы, у тым ліку савецкія, а таксама даляры і англійскія фунты.

Віктар Какарэка зазначае: за апошнія гады ў гарадзенскі музэй траплялі толькі старыя манэты, знойдзеныя архэолягамі. Апошні скарб яны выявілі на вул.Траецкай у Горадні.

(Какарэка: ) “Найбольш старажытныя манэты на тэрыторыі Гарадзеншчыны — гэта рымскія дэнарыі, якія сустракаліся ў раёне Наваградка, крыху было знойдзена каля Бераставіцы-Алекшыц — адзін скарб быў зафіксаваны”.

Сябры нумізматычнага таварыства наведваюць вёскі, дзе адносна нядаўна былі знойдзены манэтныя скарбы, апытваюць сьведкаў. Складзена мапа скарбаў вобласьці, а з часам можа быць надрукавана праца, прысьвечаная ім, гаворыць спадар Какарэка. Ён зазначае, што сёньня сярод калекцыянэраў вялікім попытам карыстаюцца і сучасныя беларускія манэты, некаторыя маюць гарадзенскія сюжэты. Апошняя срэбная манэта з сэрыі архітэктурных помнікаў, прысьвечаная Гомелю, на калекцыйным рынку рэзка падаражэла — ад 27 даляраў амаль да 200. Дзяржбанк выпускае і залатыя манэты.

(Какарэка: ) “Выходзілі залатыя, першая — прысьвечаная 50-годзьдзю ААН, гэта адна з самых дарагіх і рэдкіх манэт. Яна выходзіла вялікім накладам, пяць тысяч быў наклад, на Беларусь было выдзелена толькі 50 манэт, і цяпер адносна яе цаны цяжка быць пэўным, бо пакуль на рынку яна практычна не сустракаецца, але некалькі тысяч даляраў яна дакладна каштуе”.

(Какарэка:) “У бліжэйшым часе чакаецца выпуск манэты з выявай ваўка. Будуць выпушчаны тры манэты — з золата, срэбра і медна-нікелевая: з устаўкамі, вочкі ў яго будуць з каменьчыка — з дыямэнту ці чагосьці іншага”.

Раней выходзіла манэта з выявай лісы, яна каштуе сёньня прыблізна 800 даляраў. Кіраўнік нумізматычнага таварыства гаворыць, што гэтаксама дзяржбанк рэалізуе і залатыя зьліткі, але манэта больш прыгожая рэч і ў цане ніколі не ўпадзе, а можа толькі падаражэць, зазначае спадар Какарэка.

Вiктар Какарэка

На здымку: кіраўнік Беларускага нумізматычнага таварыства знаёміць з мапай Гарадзеншчыны, на якой адзначаны месцы грашовых скарбаў.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Радыё Свабода. 24.10.2006