У афіцыйна зарэгістраваным таварыстве калекцыянэраў Горадні цяпер каля ста чалавек. А ўвогуле калекцыянаваньнем на Гарадзеншчыне займаецца значна больш людзей. І калекцыі часам сустракаюцца па-сапраўднаму ўнікальныя. Пра традыцыйныя і не зусім звычайныя зборы – наш карэспандэнт.

Гісторыя калекцыянаваньня на Гарадзеншчыне сягае ў ХVIII стагодзьдзе. Тады зьбіральніцтвам, як правіла, займаліся багатыя людзі. Яны таксама шукалі рэдкія манэты, старыя падсьвечнікі, карціны... Але куды больш вядомыя за сваіх папярэднікаў калекцыянэры 20 – 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Сярод іх вылучаліся Юзаф Ядкоўскі, чый збор лёг у аснову Гарадзенскага музэю, Генадзь Пех (зь ягоным імем зьвязана нараджэньне музэю ў Ваўкавыску), Іосіф Страброўскі са Слоніму. Менавіта на Гарадзеншчыне ў сярэдзіне 1990-х гадоў выступілі з ініцыятываю стварэньня міжрэгіянальнага грамадзкага аб’яднаньня нумізматаў, якое пяць год таму атрымала статус агульнанацыянальнага.

І цяпер калекцыянэры зьбіраюць, акрамя традыцыйных манэт, ордэнаў, марак і паштовак, самыя незвычайныя рэчы. Дарэчы, якую калекцыю можна называць менавіта незвычайнай, цяжка сказаць нават спэцыялісту.

Разважае Віктар Какарэка:
(Какарэка: ) “Самую цікавую калекцыю, напэўна, могуць вызначыць толькі тыя, хто гэтым не займаецца. Калі пачынаць нешта зьбіраць, то можна паглыбіцца настолькі, што сярод самых простых рэчаў можна знайсьці такія незвычайныя рэчы...”

Сам ён апошнім часам шукае ў Горадні розныя сьведчаньні міжваеннага пэрыяду. Гэта вайсковыя знакі польскай арміі, пашпарты, “аўсвайсы” той пары, калі Горадня знаходзілася пад кайзэраўскай акупацыяй, даведкі партызанаў, разнастайныя пасьведчаньні... Сярод апошніх ёсьць нават пашпарт выпісаны на... каня! Бо чалавек, які выяжджаў тады за горад, павінен быў даказаць паліцыянту: гнядок ня скрадзены. Сваю калекцыю Віктар Какарэка зьбірае таму, што ў Горадні гэтым раней ніхто не займаўся:

(Какарэка: ) “Звычайна кажуць: хай палякі зьбіраюць польскую гісторыю, а мы будзем зьбіраць савецкую. І так сталася, што на нашай тэрыторыі гэтай дасавецкай нішы ніхто не заняў, ну амаль. А знаходкі трапляюцца вельмі цікавыя”.

Узяць, напрыклад, партабак польскага афіцэра. Аказваецца, таварышы на службе павінны былі выгравэраваць на ім свае прозьвішчы: гэта нейкім дзіўным чынам нагадвае так званыя “дзембельскія” альбомы сёньняшніх салдатаў, дзе абавязкова расьпісваецца ўвесь прызыў...

партабак польскага афіцэра кпт. Вацлава Шыманьскага

На здымку: партабак польскага афіцэра 81 пяхотнага палка
з прозвiшчамi яго камандзiра плк. Станiслава Мачыка i iншых таварышоў па службе.

Кожны гарадзенскі энтузіяст ведае Аляксандра Рымарчука, бадай, найстарэйшага мясцовага калекцыянэра. Ён з 1928 году, а зьбіральніцтвам пачаў займацца яшчэ за польскім часам. Цяпер у яго вялікая калекцыя спартовых значкоў, бо сам ён у мінулым выкладчык фізкультуры ў сельгасынстытуце і дагэтуль яшчэ судзіць спаборніцтвы ў лёгкай атлетыцы і баскетболе. Аднак куды больш Аляксандр Рымарчук ганарыцца сабранымі ім здымкамі абласнога цэнтру.

Калі пасьля вайны ён гасьціў у Кішынёве, родны дзядзька з гордасьцю паказаў 70 паштовак Горадні, якія вывез з сабой яшчэ ў 30-я гады. Па кожнай мог апавядаць пра цэлую вуліцу... Гэта ня проста ўразіла тады яшчэ пачаткоўца Раманчука, але й падштурхнула да фармаваньня ўласнай калекцыі. І цяпер толькі ў яго можна пабачыць на фатаздымках, як незвычайна шырока, магутна разьліўся Нёман у 1958 годзе, як узрывалі фару Вітаўта...

(Рымарчук: ) “Гэта проста жыцьцё. Я ўцягнуўся і бяз гэтага не магу. Між іншым, ня толькі я. Я ўцягнуў у гэта мноства сваіх знаёмых, сяброў”.

Для вядомага гарадзенскага гісторыка і краязнаўцы Алеся Госьцева калекцыянэрства перарасло ў музэйную справу. У гімназіі № 1 разам з вучнямі ён стварыў музэй пэдагогікі Гарадзеншчыны. Нічога падобнага няма нідзе навокал. Алесь Госьцеў расказвае пра адну з апошніх знаходак:

(Госьцеў: ) “Адна з самых цікавых напрацовак нашага музэю – тэма “Міцкевіч-пэдагог”. Усе ведаюць Міцкевіча як выдатнага паэта, усе ведаюць, што ён выкладаў у парыскім “Калеж дэ Франс”, але ніхто пра яго як пра пэдагога дагэтуль не гаварыў. А мы вырашылі падняць менавіта гэтую нязнаную тэму”.

І калі ўжо вучні дабіраюцца ў сваіх пошуках да Польшчы, Францыі, то ня могуць не зацікавіцца яны й гісторыяй роднага краю. Адзін з выхаванцаў Алеся Госьцева – Саша Кіркевіч, вучань 10-й клясы. Яго ў Горадні лічаць адным з самых сур’ёзных маладых калекцыянэраў. Саша зьбірае цяпер манэты, мае да тысячы экзэмпляраў, зь іх каля 200 – па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

(Кіркевіч: ) “Ёсьць у мяне вельмі цікавы экзэмпляр, які зьвязаны з краязнаўчай працай – гэта азэрбайджанская манэта ХVIII стагодзьдзя, якая была знойдзена ў Нёмне ў свой час...”

І далей – цэлая лекцыя з дэманстрацыяй рэдкіх экспанатаў, якія расказваюць пра гандлёвыя сувязі Горадні зь няблізкім сьветам...

А вось Сяргей Стральчонак – былы міліцыянт, сабраў шыкоўную калекцыю міліцэйскіх знакаў. Кажа, гэта найбольш цікавіла яго прафэсійна, паколькі ўсё жыцьцё працаваў у органах Міністэрства унутраных спраў.

(Стральчонак: ) “Гэта гісторыя. Гэтыя знакі паказваюць гісторыю разьвіцьця міліцыі. Кожнаму адрэзку часу нават адпавядае свая стылістыка. Напрыклад, калі пачалася перабудова, затым час Шушкевіча, усе яны ішлі з бела-чырвона-белымі афарбоўкамі, пасьля пайшлі больш дабротныя, бо іх пачалі рабіць з высакароднага мэталу”.

Калі вас ня ўражваюць такія зборы, адзначу: гарадзенцы маюць і зусім ужо нетрадыцыйныя калекцыі. Ёсьць людзі, якія спэцыялізуюцца на зборы копіяў запісак самагубцаў, розных шклянак, каробачак ад лёзаў, слоічкаў ад гуталіну, бумэрангаў, узораў цэглы... Віктар Какарэка вельмі скептычна ставіцца да такіх людзей: нават не залічае іх да сваіх калегаў.

(Какарэка: ) “Рэч у тым, што гэта псыхічнае адхіленьне ў некаторых людзей. Я разумею, што калекцыянэры таксама своеасаблівыя людзі, але калі гэта заходзіць так далёка, то гэта ўжо падобна да шызафрэніі”.

І яшчэ адна цікавінка. Сярод калекцыянэраў Горадні няма жанчын. Як сумна мне заўважыў Аляксандар Рымарчук, прадстаўніцы прыгожай паловы толькі прыходзяць прадаваць калекцыі, калі іх мужы паміраюць...

Міхал Карневіч, Горадня. Радыё Свабода. 09.11.2005