Юрый ДЗЕНІСЕНКА, Андрэй КАРАЧ.
Да пытання аб храналогіі літоўскіх эмісій Аляксандра Ягелончыка (1492-1506)
У 1492 г. са смерцю Казіміра перарываецца дынастычная ўнія паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам. Літву наследуе Аляксандр, а Польшчу – Ян Ольбрахт.
З уступленнем на вялікакняскі пасад Аляксандра у Літве пачаўся новы перыяд у развіцці дзяржавы – гэта пераходны этап ад Сярэднявечча да Новага часу. Прынцыпова змяніліся таксама і спосабы вырабу манет. Літоўская чаканка была прадстаўлена біццём дэнарыяў і паўгрошаў [1, с. 135-151]. Упершыню на манетах ВКЛ былі ўведзены доўгія легенды на лацінскай мове. Так, на аверсе паўгроша размяшчаўся дзяржаўны герб Гедымінавічаў “Пагоня”, вакол якой надпіс MON ALEXANDRI, што азначае “манета Аляксандра”. На рэверсе змяшчаўся “Арол” – герб дынастыі Ягелонаў, вакол якога надпіс MAGNI DVC LITVANIE (“вялікага князя літоўскага”). Такім чынам, надпіс гласіў аб прыналежнасці манеты не Вялікаму княству Літоўскаму, а менавіта Вялікаму князю Аляксандру – “манета Аляксандра – Вялікага князя літоўскага”. Упершыню на літоўскіх манетах з’явіўся герб Ягелонаў “Арол”. Гэтым падкрэсліваліся віды Аляксандра і на польскую карону. Пенязі былі анэпіграфічнымі з выявай “Пагоні” на аверсе і “Арла” на рэверсе.
Здавалася б, манеты Аляксандра ўжо дастаткова добра вывучаны і прааналізаваны. Існуе цэлы шэраг вялікіх і не надта даследванняў, прысвечаных менніцтву Аляксандра. Так як самі манеты не нясуць на сабе даты выпуску, то розныя даследчыкі ў розныя часы выказвалі свае думкі адносна датавання эмісій і пачатку функцыянавання самога манетнага двара. Да сённяшняга часу, здаецца, самым спрэчным з’яўляецца пытанне аб храналогіі эмісійнай дзейнасці Віленскай мынцы ў часы Аляксандра.
Канкрэтных дакументаў аб дзейнасці манетнага двара не захавалася (ці яшчэ не выяўлена). Пэўную інфармацыю мы можам знайсці ў двух дакументах. Першы датуецца 9 чэрвенем 1499 г., калі гаспадарскі маршалак Ян Літавор Храптовіч робіць справаздачу Вялікаму князю аб дзейнасці мынцы за 4 гады. (з 1495 па чэрвень 1499 г.) [2, c. 338]. З гэтай справаздачы невядома, якія наміналы біліся ў мынцы ў адзначаны перыяд і ці наогул працавала мынца да 1495 г. У дакуменце не ідзе гаворка аб адкрыцці манетнага двара і аб закупцы неабходнага абсталявання, што патрабавала даволі вялікіх сродкаў. У сувязі з гэтым, польскі даследчык М. Гумоўскі выказваў думку, што гэта была не першая справаздача і мынца функцыянавала і раней [3, с. 8]. Але, ёсць і іншыя думкі, напрыклад, літоўскіх даследчыкаў Э. Іванаускаса [4, c. 12-13] і Э. Рэмецаса [5, s. 58], якія указваюць, што гэтая справаздача была першай і мынца пачала сваю эмісійную дзейнасць менавіта з 1495 г. Адкрыццё манетнага двара і арганізацыя яго бесперабойнага функцыянавання патрабавала вялікай арганізацыйнай працы. На гэта і спатрэбілася некалькі гадоў пасля ўступлення на пасад Аляксандра. Новы Вялікі князь прыняў дзяржаву ў вельмі неспакойныя часы – працягвалася вайна з Масковіяй, якая скончылася ў 1494 г. падпісаннем “вечнага міру” [6, с. 56].
Другі афіцыйны дакумент, які сведчыць аб дзейнасці віленскай мынцы, датуецца 8 снежнем 1506 г. Новы Вялікі князь Жыгімонт дае ліст маршалку М. Глінскаму, у якім засведчана прыняцце “лічбы” аб дзейнасці мынцы і вайскоўні за папярэднія 5 год (1501-1506 гг.) [7, с. 133]. Ні канкрэтных наміналаў, ні прыходна-расходных аперацый, якія бы сведчылі аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці мынцы, не указана.
Такім чынам, з двух вышэйзгаданых дакументаў аб дзейнасці мынцы ў часы Аляксандра, вядома, што яна дакладна дзейнічала ў перыяд з 1495 па 1499 і з 1501 па 1506 гг. Невядома, ці была якая-небудзь актыўнасць у перыяд 1499-1501 гг. Пра выпуск тых ці іншых наміналаў у гэтыя перыяды таксама нічога невядома.
Тут нам на дапамогу зноў прыходзяць архіўныя дакументы. Раней намі ўжо было выяўлена, што самы ранні дакумент, які згадвае слова “паўгрош” у значэнні манета, датуецца канцом 1495 г. [8, с. 20-21]. Такім чынам, паўгрошы дакладна біліся ў 1495 г. Але зараз намі знойдзены яшчэ ранейшы дакумент, які дазваляе на паўтары гады перадвінуць першую згадку аб паўгрошы. Так, у прывілеі кіеўскім мяшчанам аб вызваленні ад некаторых павіннасцяў, у прыватнасці згадваецца: “… Оm пресного меду сосудины с века по полугрошку…” (26.05.1494) [9, с. 52]. Няма сумневаў, што згаданы “полугрошка” гэта менавіта літоўскі паўгрош і можна сцвярджаць, што Віленская мынца працавала ўжо ў 1494 г. і біла паўгрошы.
Што датычыцца манет больш мелкага наміналу – пенязяў, то першая, выяўленая намі згадка, гэта сакавік 1498 г. [8, с. 21]. Такім чынам, абапіраючыся толькі на дадзеныя пісьмовых крыніц можна зрабіць асцярожныя вывады, што манетны двор ужо мог працаваць у 1494 г. і выпускаць паўгрошы, а пенязі пачалі біцца толькі праз некаторы час – прыкладна, праз 3-4 гады.
Тыпалогія паўгрошаў і пенязяў дастаткова добра апісана ў літаратуры [10; 11; 12], таму падрабязна спыняцца на ёй мы не будзем. Нагадаем толькі, што па шрыфтам легендаў паўгрошы дзеляцца на “гатычныя” і “рэнесансныя”. Другія ад першых адрозніваюцца рэнесансным напісаннем літар “M” і “N” на манетах. Даўно ўжо было адзначана, што “развіццё” штэмпеляў паўгрошаў па разнавіднасцям арла адпавядае такому ж “разьвіццю” штэмпеляў на пенязях [11, с. 124]. Для большага разумення гэтага працэсу давайце звернемся да малюнка, які адлюстроўвае паслядоўнасць іх біцця.
Мал.1 Адпаведнасць штэмпеляў літоўскіх паўгрошаў і пенязяў Аляксандра
З прапанаванага малюнка можна заўважыць, што біццё пенязяў ідзе паралельна з біццём паўгрошаў, за выключэннем перыяду, калі выпускаліся паўгрошы №1-3, якія знаходзяцца ў левай частцы малюнка. Яны маюць тры асноўных тыпу арла і адпаведных ім пенязяў няма. Зыходзячы з вопыту вывучэння літоўскіх манет Аляксандра Ягелончыка, мы можам сказаць, што выпуск гэтых тыпаў паўгрошаў (за выключэннем тыпу №2) працягваўся досыць працяглы час, бо саміх манет вельмі шмат. На нашу думку, па часе гэта не менш чым 3-4 гады. Большасць сучасных даследчыкаў манет дадзенага перыяду (Э. Іванаускас, Дз. Гулецкі, Г. Багдонас, А. Грамыка і інш.) прытрымліваюцца версіі, што біццё пачалося менавіта з гэтых “гатычных” паўгрошаў, а пенязі некалькі першых гадоў дзейнасці мынцы не выпускаліся, і толькі потым эмісіі ішлі паралельна. Здавалася б, усё падобна на праўду. Мы раней ўсталявалі, што паўгрошы вядомы з крыніц з 1494 г., а пенязі – з 1498 г. Розніца як раз у чатыры гады! Аднак, ці так гэта на самой справе?
Паспрабуем зайсці з іншага боку і прааналізаваць стылістыку і шрыфты літоўскіх і каронных паўгрошаў. Выкажам меркаванне, што кіраўніцтва мынцай прыехала з Кракава, бо там ўжо паспяхова дзейнічала каралеўская мынца і частка манетчыкаў, верагодна была, акурат, адтуль. Заказваць, напрыклад, нямецкіх або чэскіх манетчыкаў у перыяд не надта добрага фінансавага становішча краіны, было б вельмі недальнавідным крокам. І тут на першы план выходзіць імя Генрыха Шлягера. З 1495 па 1501 і ў 1504 гг. яно неаднаразова сустракаецца ў дакументах справаводства ВКЛ. У дакуменце, датаваным 1495 г., рэвельскія купцы накіроўваюць ліст да некага Hinrico Flocher monetario in Vilna, разлічваюць на яго падтрымку і кажуць пра яго, як блізкага чалавека да Вялікага князя. Літоўскі даследчык Лаймонтас Караліус выказаў меркаванне, што тут ідзе размова менавіта аб Генрыху Шлягеру, толькі няправільна была перапісана першая літара. Ў той час прапісная лацінская літара “S” была трошкі нахіленай і вельмі нагадвала “f”. [13, с. 188-189]. Гэтая думка выглядае цалкам слушнай.
Пра даволі блізкія адносіны паміж Аляксандрам і Шлягерам сведчыць цэлы шэраг дакументаў і наданняў. У снежні 1495 г. яго імя Шлякгир згадваецца ў пастанове аб ковенскім мыце [2, с. 308]. 1 сакавіка 1496 г. Аляксандр аддае минцерю Шлякгеру ў арэнду ковенскае мыта на тры гады за штогадовую плату ў памеры 450 коп грошай [2, с. 241]. У 1500 г. Вялікі князь за верную службу надае “слузе и мынцъару нашому Пиндрыху Шлякгиру” землі ў Ковенскім павеце з правам закладання ставаў і млыноў [9, с. 154], а ў 1501 г. “слузе и мынцару нашому Гендріху Шлякгеру” маёнтак з людзьмі ў Берштанскай воласці [14, с. 179-180]. Верагодна, Шлягер быў тэхнічным кіраўніком мынцы – займаў пасаду мынцмайстра, а агульнае кіраванне мынцай заставалася за гаспадарскім маршалкам, бо менавіта Ян Літавор Храптовіч даваў справаздачу аб дзейнасці мынцы ў 1499 г. [7, с. 133].
Польскі даследчык Фрэдэрык Папе піша, што ў асобе Г. Шлягера Вялікі князь знайшоў чалавека, пры дапамозе якога можна ажыццявіць манетную рэформу і выпускаць добрую манету [15, с. 31]. Абсалютна невядома, якім чынам Г. Шлягер здолеў стаць правадыром манетнай рэформы ў ВКЛ.
У 1501 г. апошні раз згадваецца яго імя ў дакументах, датычных тэрыторыі ВКЛ. Гэта звязана з тым, што ён зноў пераехаў у Кракаў, бо пасля смерці Яна Ольбрахта ў 1501 г. Аляксандр атрымаў яшчэ і польскую карону. У Польшчы трэба было ўзнаўляць працу манетнага двара і на гэтую ролю лепшага чалавека, чым Г. Шлягер было не знайсці. 4 кастрычніка 1502 г. пасля працяглых перамоваў кракаўская мынца адчынена, на чале якой стаў менавіта Г. Шлягер [16, с. 125].
З сабой Г. Шлягер пазваў і сваіх родзічаў – швагра Ульрыха Гозі і мужа пляменніцы Генрыха Карловіча, якія ў Кракаве займаліся пастаўкай срэбра на мынцу [17, с. 323-324]. 31 снежня 1504 г. паведамляецца пра ўжо нябожчыка Пиндриха Шлякгира і тое, што апошні рэкамендаваў трыманне ковенскага мыта сваім сябрам – Г. Карловічу і У. Гозу [18, с. 410-411]. Апошнія трымалі ковенскае мыта ўвесь вызначаны тэрмін [19, с. 195] да канца 1506 г. [7, с. 130-131]. Цалкам верагодна, што і манетчыкі ніжэйшага ранга патрапілі ў Вільню з Кракава і прынеслі адтуль свае веды і навыкі. У гэтым выпадку вялікая верагоднасць таго, што ў чымсьці будзе назірацца падабенства літоўскіх і каронных манет гэтага перыяду (Аляксандра і Яна Ольбрахта адпаведна). Сапраўды, калі паглядзець на мал.2, то звяртае на сябе ўвагу падобная іканаграфія арла (хвост і прамыя крылы) і напісанне літары “e” кароннага паўгроша, але не з “гатычным” літоўскім паўгрошам №1, а з “рэнесансным” № 10. Такую ж літару “|e” маюць манеты тыпу №9 і, часткова, тыпу №8 (гл. мал.1).
З гэтага можна зрабіць выснову, што біццё манет ў Вільні пачалося менавіта з паўгрошаў “рэнесанснага” тыпу. А чаму ж на іх не выкарыстоўваўся чыста гатычны шрыфт, скажаце вы, бо разьбяры з Кракава? На нашу думку гэта звязана з жаданнем кіраўніцтва ВКЛ адрознівацца ад Кароны ў грашовай палітыцы не толькі метралагічна (лотавая проба, вага манет), але і візуальна. Тым больш, што ў ВКЛ значна мацней, чым у кансерватыўнай Польшчы, набіралі сілу традыцыі эпохі Адраджэння.
Выснова аб пачатку эмісій з “рэнесансных” манет таксама падцвярджаецца тым, што сярод паўгрошаў тыпу №9 і №10 (гл. мал.1) можна назіраць найбольшую колькасць розных памылак і варыянтаў напісання легенд [12, с. 15-34], што часта характэрна менавіта для пачатковага этапу манетнай вытворчасці. Дарэчы, таксама гэтая выснова ўскосна пацвярджаецца яшчэ тым, што пенязь з тыпам Арла, адпаведным дастаткова масаваму паўгрошу №10 (біццё на працягу не менш трох гадоў), сустракаецца, у процівагу яму, даволі рэдка, г. зн. эмісія гэтых пенязяў закранула толькі малую частку эмісіі паўгрошаў №10, што таксама пацвярджае значны зрух па часе паміж гэтымі выпускамі манет. Таму, з улікам вышейсказанага, хутчэй за ўсё, пачатак біцця пенязяў прыйшоўся на 1497 г., што цалкам адпавядае часу першых звестак пра іх у 1498 г.
Мал.2 Параўнанне каронных паўгрошаў Казіміра, Яна Ольбрахта і літоўскіх паўгрошаў Аляксандра Ягелончыка
Прыведзены ў прыкладзе на мал.2 тып паўгрошаў Яна Ольбрахта з кветкай пад каронай з’яўляецца самай распаўсюджанай і масавай яго манетай, а значыць, можна смела сказаць, што ён выпускаўся на працягу многіх гадоў, не менш чым за 5-6. Затым у Кракаўскай чаканцы з'яўляецца новы тып паўгрошаў – з кольцам пад каронай, трохі змененым шрыфтам і іншай іканаграфіяй арла. Падзелім яго на два падтыпа – “a” і “b”, адрозныя напісаннем літары “е”. На мал.3 змешчаны параўнальны аналіз гэтых падтыпаў каронных паўгрошаў з літоўскімі паўгрошамі Аляксандра Ягелончыка. Як бачым, выяўляецца падабенства з літоўскімі манетамі №6 і №7 (гл. мал.1), а таксама, часткова, №8. Адзначым, што аналагічнае напісанне літары “е”, як у тыпе №6, можна таксама назіраць на “рэнесанснай” частцы паўгрошаў змешанага варыянту, т. зв. “готыка-рэнесансных” і “рэнесансна-гатычных” (гл. мал.1 №5).
Мал.3 Параўнанне падтыпаў каронных паўгрошаў Яна Ольбрахта і літоўскіх паўгрошаў Аляксандра Ягелончыка
Калі сыходзіць з таго, што тып каронных паўгрошаў з кольцам быў апошнім у выпусках Яна Ольбрахта, і ён вельмі нячасты – R1 [20, с. 42], то можна сказаць, што ў параўнанні з папярэднім, гэты тып біўся на працягу значна меншага часу, напэўна, не больш за 1-1,5 года. Зыходзячы з гэтага перыяду, можна выказаць здагадку, што змена тыпаў каронных паўгрошаў Яна Ольбрахта адбылася бліжэй да 1500-га года. Адпаведна, з улікам дадзеных на мал.3 і верагодным “перамяшчэнні” пэўнага кракаўскага разьбяра, напрошваецца выснова аб тым, што ў літоўскіх эмісіях Аляксандра паўгрошы тыпу №7 (і часткова тыпу №8) з'явіліся дзесьці ў гэты ж перыяд – прыкладна ў 1500-м годзе. Паўгрошы тыпу №6 выпускаліся, хутчэй за ўсё, пасля пераезду ў Вільню іншага адпаведнага кракаўскага разьбяра, і звязана гэта са смерцю Яна Ольбрахта ў другой палове 1501 года і часовым закрыццём кракаўскага манетнага двара. Гэтыя літоўскія паўгрошы не рэдкія, але сустракаюцца не так часта, як паўгрошы тыпу №1-3, і выпускаліся, хутчэй за ўсе, значна меншы перыяд часу – каля 1,5-2 гадоў. За гэтым тыпам ідуць паўгрошы “змешанага” тыпу (гл. мал.1 №5). Такім чынам, можна сцвярджаць, што змена тыпу віленскіх паўгрошаў на “гатычны” адбылася прыкладна на рубяжы 1502-1503 гг. Гэта цалкам можа быць звязана з прызначэннем Г. Шлягера мынцмайстрам Кракаўскай мынцы (аднавіла працу ў кастрычніку 1502 г.) і пераездам апошняга ў Польшчу [21, с. 271-276]. Затым выпускаліся манеты тыпу №4 (гл. мал.1), а дзесці ў пач. 1504 г. пачалося біццё паўгрошаў №1-3, якія, як мы памятаем, не маюць аналагаў сярод пенязяў. Такім чынам, на нашу думку, пенязь спынілі выпускаць прыкладна ў гэты ж час – ў пер. пал. 1504 гг. Варта адзначыць, што выпуск пенязяў на кракаўскай мынцы таксама быў даволі хутка спынены пасля аднаўлення яе працы. Як мы казалі раней, паўгрошы тыпаў №1-3 дастаткова шматлікія і біліся на працягу некалькіх гадоў – гэта таксама ўскосна пацвярджае нашы высновы. Сапраўды, з улікам часу закрыцця Віленскай мынцы ў канцы 1506 г, атрымліваем, што працягласць біцця гэтых тыпаў паўгрошаў па нашых разліках складае менавіта каля трох гадоў.
А навошта, наогул, трэба было мяняць тып паўгрошаў з “рэнесанснага” на “гатычны”, спытаеце вы? На нашу думку, гэта звязана са спробай Аляксандра Ягелончыка, пасля таго, як ён стаў Каралём польскім ў 1501 г., хаця б часткова візуальна уніфікаваць літоўскую і польскую манету ў адпаведнасці з рашэннем Мельніцкай уніі. Сапраўды, у перыяд 1503-1506 гг. мы маем чыста “гатычны” тып як літоўскіх, так і каронных манет.
Неабходна адзначыць, што пасля аднаўлення выпуску паўгрошаў Аляксандрам Ягелончыкам у Кракаве у кастрычніку 1502 г., апошнія мелі тры асноўных “шрыфтавых” разнавіднасці (мал.4). Як бачым, напісанне літар “е” да трэцяга тыпу (апошняму ў чаканцы) зведала некаторую змену – “акенцы” у іх сталі паўкруглымі.
Мал.4 Тыпы каронных паўгрошаў Аляксандра Ягелончыка (м.д. Кракаў)
Далей шрыфтавыя і іканаграфічная карэляцыя назіраецца паміж кароннымі і літоўскімі манетамі ў канцы праўлення Аляксандра Ягелончыка – пачатку праўлення Жыгімонта Старога. Гэта нам наглядна дэманструе мал.5.
Мал.5 Параўнанне літоўскіх і каронных паўгрошаў Аляксандра і Жыгімонта Старога
Звяртае на сябе ўвагу падабенства ў напісанні літары “е” (паўкруглыя “акенцы” !!!), а таксама тое, што менавіта арол паўгрошаў №1 (гл. мал.1) па сваёй іканаграфіі бліжэй за ўсё да арла на паўгрошах наступнага Вялікага князя Жыгімонта Старога. Гэта таксама нам кажа аб тым, што паўгрош №1 быў апошнім у літоўскай чаканцы Аляксандра. Прычым, зыходзячы з аналізу мал. 4 і 5, важна адзначыць, што адзін з разьбяроў пераехаў менавіта з Вільні ў Кракаў, бо напісанне літары “е” з паўкруглымі “акенцамі” на літоўскіх манетах з'явілася раней, чым на каронных.
Можна таксама заўважыць, што ў часы Жыгімонта Старога каронныя і літоўскія паўгрошы зноў падзяліліся на “рэнесансныя” і “гатычныя”, але з дакладнасцю да наадварот: літоўскія сталі “гатычнымі”, а каронныя – “рэнесанснымі”. Гэта звязана, хутчэй за ўсё, з жаданнем новага караля Жыгімонта і польскай шляхты “злёгку прынізіць” Вялікае княства, надаць яму, а не Польшчы, нотку кансерватыўнасці, якая, як мы ведаем, заўсёды была ўласціва менавіта Польскаму каралеўству.
Такім чынам, шляхам шрыфтавога і іканаграфічнага аналізаў, а таксама супастаўлення працягласцей чаканкі з рэдкасцю манет, мы атрымалі новую храналогію біцця асноўных тыпаў паўгрошаў і пенязяў (мал.6).
Мал.6 Храналогія эмісій літоўскіх паўгрошаў і пенязяў ў часы кіравання Аляксандра Ягелончыка
Усяго вышэйсказанага і паказанага можна сфармуляваць канчатковыя высновы:
- Біццё літоўскіх паўгрошаў і пенязяў пачалося пасля адкрыцця Віленскага манетнага двара з “рэнесансных” манет, якія прыкладна на рубяжы 1502-1503 гг. змяніліся на “гатычныя”. Пенязі, хутчэй за ўсё, пачалі біць на некалькі гадоў раней, прыблізна ў 1497 г.
- Эмісія пенязяў спынілася, хутчэй за ўсе, ў першай палове 1504 г. і далей да 1506 г. ўключна выпускаліся толькі паўгрошы.
Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры:
- Ivanauskas, E. Coins and bars of Lithuania 1236– Т. I / E. Ivanauskas. – Kaunas: Kopa, 2013. – 600 p.
- Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 6 (1494–1506). Užrašymų knyga 6 /
- Parengė A. Baliulis. –Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 2001. – 506 p.
- Gumowski, M. Mennica wileńska w XVI i XVII w. / M. Gumowski. – Warszawa, 1921. – 200 s.
- Ivanauskas, E., Douchis, R. J. Lietuvos monetų kalybos istorija 1495–1769 / E. Ivanauskas, R. J. Douchis. – Vilnius: Savastis, 2002. – 312 p.
- Remecas, E. XVI a. monetų apyvarta dabartinės Lietuvos teritorijoje / E. Remecas // Pinigų studijos. Ekonomikos istorija. – 2002. – Nr. 2. – Р. 58-77.
- Карач, А. Про початок діяльності Вільнюського монетного двору в часи Олександра Ягеллончіка (1495 – 1506 рр.) / А. Карач // Львівські нумізматичні записки. – 2014-2015. – № 11-12. – С. 56-57.
- Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 8 (1499–1514). Užrašymų knyga 8 / parengė A. Baliulis, R. Firkovičius, D. Antanavičius. – Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1995. – 709 p.
- Карач, А. Аб некаторых спрэчных патаннях грашовай сістэмы ВКЛ падчас праўлення Александра Ягелончыка (1492–1506 гг.) / А. Карач // Материалы междунар. нумизмат. конф.: «Сохраняя прошлое – строим будущее», Минск, 5–6 окт. 2017 г. Часть I / Нац. банк Респуб. Беларусь. – Банкаўскі веснік. – 2017. – N 12 [653]. – С. 19–22.
- Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 5 (1427–1506). Užrašymų knyga 5 / parengė A. Baliulis, A. Dubonis, D. Antanavičius. – Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1993. – 516 p.
- Какареко, В. Монетное дело Александра Казимировича (1492–1506) / В. Какареко // Материалы ІІІ Междунар. нумизмат.конф.: “Монета – символ государства”, Минск, 27–29 авг. 2007 г. / Нац. банк Респуб. Беларусь. – Банкаўскі веснік [Спецвыпуск]. – 2008. – № – С. 61-68.
- Громыко, А. Литовские монеты Александра Казимировича: классификация и периодизация / А. Громыко // Калекцыйная спадчына Вялiкага княства. – Мiнск: Логвiнаў, 2008. – С. 117-132.
- Huletski, D., Bagdonas, G., Darashkevich M. / D. Huletski, G. Bagdonas, M. Darashkevich. – Early Lithuanian half-groats 1495–1529 – Kaunas, 2017. – 174 p.
- Karalius, L. Kauno muitininkas Henrikas Sliacheris (1496-1499, 1504) / L. Karalius // Kauno istorijos metraštis. – 2002. – Т. 3. – S. 185-201.
- Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 25 (1387-1546).Užrašymų knyga 25 / parengė D. Antanavičius, A. Baliulis. – Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1998. – 461 p.
- Papée, F. Aleksander Jagiellończyk / F. Papée. – Kraków: Polska Akademia Umiejętności, 1949. – 120 s.
- Gumowski, M. Mennica koronna za Aleksandra Jagiellończyka / M. Gumowski // Wiadomości Numizmatyczno-Archeologiczne. – 1909. – № 7. – S. 125-127.
- Gumowski, M. Ulryk Hozjusz, ojciec kardynała, horodniczy wileński / M. Gumowski // Przegląd powszechny. – 1926. – Т. 171. – S. 321-329.
- Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 1 (6). Сборник документов канцелярии Великого князя Литовского Александра Ягеллончика (1494-1506) / отв. Ред. С. М. Каштанов. – М., СПб.: Нестор-История, 2012. – 664 с.
- Акты Литовской метрики. Т. 1. Вып. 2 (1499-1507) / сост. Ф. И. Леонтович. – Варшава: Типография Варш. Учебн. Округа, 1897. – 201 с.
- Kopicki, E. Ilustrowany skorowidz pieniędzy polskich i z Polską związanych: 4 Т. / E. Kopicki. – Warszawa: Polskie Towarzystwo Numizmatyczne, 1995. – Т. 1: Teksty (poz. 1–7058). – 315 s.
- Piekosiński, F. O monecie i stopie menniczéj w Polsce w XIV i XV wieku / F. Piekosiński // Rozprawy i Sprawozdania z Posiedzeń Wydz. Hist.-Filozof. Akad. Umiejęt. w Krakowie. – 1878. – T. IX. – S. 1-320.
Эта статья подготовлена на основании доклада, прозвучавшего на Международной нумизматической конференции «Белорусскому рублю – 25», которая проходила 14–16 октября 2019 г. в Минске и напечатана в журнале “Банкаўскі веснік”:
Дзенісенка, Ю. Да пытання аб храналогіі літоўскіх эмісій Аляксандра Ягелончыка / Ю. Дзенісенка, А. Карач // Материалы Междунар. нумизмат. конф.: «Белорусскому рублю – 25», Минск, 14–16 окт. 2019 г. Часть I / Нац. банк Респуб. Беларусь. – Банкаўскі веснік. – 2019. – N 12 [677]. – С. 41–47.
Иные публикации на эту тему:
Подобные взгляды на хронологию монетных эмиссий Александра Ягелончика были высказаны Виктором Какареко и опубликованы в указанной ниже статье, но не нашли поддержку у белорусских нумизматов:
Какареко, В. Монетное дело Александра Казимировича (1492–1506) / В. Какареко // Материалы ІІІ междунар. нумизмат. конф.: «Монета – символ государства», Минск, 27–29 авг. 2007 г. / Нац. банк Респуб. Беларусь. – Банкаўскі веснік [Спецвыпуск]. – 2008. – N 7 [408]. – С. 61–68.